Музейная комната «Беларуская хатка»

Усе мы родам з хат….

Янка Сіпакоў

У наш час, калі актуальны пытанні адраджэння беларускай культуры, мы ўсё часцей звяртаемся да спадчыны свайго краю, яго гісторыі. Менавіта там карані беларуса, гісторыя яго роду.

Культурным і адукаваным лічыцца той чалавек, які ведае гісторыю, звычаі народа. Таму пры стварэнні кутка ставілася мэта далейшай зацікаўленасці гурткоўцаў і гасцей Дома рамёстваў гісторыяй роднага краю, а гэта значыць — выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, зацікаўленасць у набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных і моўных ведаў. Аснова кутка — экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. Тут можна палюбавацца прыгожымі ручнікамі, глінянымі вырабамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, вілкі, качаргу, серп, папрасаваць рэчы з дапамогай качалкі, запаліць газоўку, замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні жорнаў, маслабойкі, каромысла, паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік.

Вы ўжо зацікавіліся? Чакаем у госці! Музейны пакой «Беларуская хатка» створаны на базе філіяла дзяржаўнай установы «Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў» па адрасе: г. Ваўкавыск, вул. 129 Арлоўскай дывізіі, 1.

Экспанаты “Беларускай хаткі”

1. “Бабін кут” — прататып сучаснай кухні. Тут жанчына гатавала ежу, адсюль зручна было адпраўляць яе ў печ. Каля печы знаходзіўся «качарэжнік» — месца, дзе стаяў неабходны пячны інвентар (ухваты, хлебная лапата, качарга).

2. Па дыяганалі ад печы знаходзіўся “чырвоны кут”, па-беларуску — “покуць”. Гэта самы святы кут у доме, тут вісіць абраз, упрыгожаны адмысловым ручніком “набожнікам”. Сюды саджалі ганаровага госця, калі ж не было госця, то сядзіўся сам гаспадар.

3. Гліняны посуд: збан і гарлач. Бакi ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку i носiк -дзюбку, каб малако лёгка лiлося ў мiску цi ў кубак. Гарлач без ручкi i не мае носiка — дзюбкi зверху.

4. Калаўрот — прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах.

5. Качалка і валок – прыстасаванне для разгладжвання тканіны. На качалку — паўмятровую палку-круглячок накручвалі, кашулю аба ручнік і раскочвалі валком — драўляным брусам з ручкаю. Валок быў прамы або выгнуты, знізу меў тупаватыя зубцы, нарэзаныя ўпоперак. Гаспадыня прыціскала валок да качалкі, і валок, хуценька бегаючы туды-сюды, качаў, разгладжваў кашулю.

6. Керасінавая лямпа — асвятляльны прыбор фабрычнага вырабу, які складаецца з балона і са шкла з завужаным верхам. Над шклом прыстасаваны металічны круг — святлоадбівальнік. У якасці гаручага сродку выкарыстоўваўся керасін.

7. Куфар — уяўляе сабой драўляную скрыню, акаваную металічнымі дужкамі, з адкідной крышкай на завесах. Гэты від мэблі мог таксама выконваць ролю стала, лавы і нават ложка. Куфары з нанесенымі на іх рознымі ўзорамі і разьбой упрыгожвалі і дапаўнялі інтэр’ер.

8. Маслабойка ( бойка) – высокая круглая кадачка, звужаная кверху. Рабілі бойку з клёпак або выдзёўбвалі з дрэва. Клёпкі найчасцей стругалі з елкі, гладка апрацоўвалі гэблікам і сцягвалі абручамі. Бойка мела накрыўку з адтулінаю пасярэдзіне – для калатоўкі-біла. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Масла білі ўручную.

9. Прас — прылада для разгладжвання складак на тканіне. Вугальны прас з’явіўся ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Прас чыгунны, унізе з адтулінамі, драўлянай ручка.

10. Пра́сніца — драўляная прылада для мацавання кудзелі ў час прадзення воўны, льна, пянькі. Ручная прасніца складаецца з вертыкальнай часткі ў выглядзе лапаткі, на якой мацавалі кудзель, і гарызантальнай — донца, на якое ўсаджваліся падчас прадзення.

11. Тканыя вырабы: абрус, посцілкі, ручнікі, сурвэткі.