Народные мастера

Іюльская Яніна Вацлаваўна

 майстар па ткацтву

ДУК «Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў»

13 снежня 2023г. на паседжанні Беларускага Саюза майстроў было прынята рашэнне аб прысваенні звання «НАРОДНЫ МАЙСТАР БЕЛАРУСІ» Іюльскай Яніне Вацлаваўне  — майстру народных мастацкіх рамёстваў дзяржаўнай установы культуры «Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў» (г.п.Рось).

Яніна Вацлаваўна працуе ў нашым Цэнтры рамёстваў майстрам па ткацтву 22 гады. Яна ў дасканаласці валодае тэхнікай простага двухнітовага ткацтва.  Супрацоўніцтва Яніны Вацлаваўны з мясцовымі ткачыхамі прывяло да таго, што простае двухнітовае ткацтва Ваўкавышчыны было прызнана як элемент нематэрыяльна-культурнай каштоўнасці, і ў 2016г. быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з прысваеннем катэгорыі «А».

Тканыя вырабы Яніны Вацлаваўны адрозніваюцца сярод іншых і карыстаюцца вялікім попытам. Дзякуючы такім людзям, як яна, тэхналогія простага двухнітовага ткацтва захоўваецца, папулярызуецца і перадаецца маладому пакаленню ў сваім аўтэнтычным выглядзе.

Яніна Вацлаваўна вельмі дабрасумленны, працавіты, таленавіты і творчы чалавек. Заўсёды з задавальненнем прымае актыўны ўдзел у фестывалях, ярмарках і святах Беларусі і за яё межамі,  мае шматлікія ўзнагароды.

Балёнь Любоў Сцяпанаўна —

 майстар па ткацтву  вёскі Студзянец Ваўкавыскага раёна

Балёнь Любоў Сцяпанаўна нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Пасынкі Ваўкавыскага раёна. У вялікай сям’і яна была адзінай дзяўчынкай, таму з маленства прыйшлося дапамагаць маці Аксіньі Ерамееўне адзяваць сям’ю. З усяго рукадзелля  асабліва падабалася ткацтва, з якім яна не разлучаецца ўсё жыццё. Скончыўшы школу-семігодку, выйшла замуж і пераехала ў вёску Студзянец Ваўкавыскага раёна. Усё жыццё працавала ў саўгасе “Савецкая Беларусь“ у паляводчай брыгадзе вёскі Плябанаўцы і толькі некалькі гадоў, як пайшла на заслужаны адпачынак. Яна ніколі не пераставала займацца ткацтвам. У  яе шафе стос складзеных дываноў, пакрывалаў, абрусоў.

Любоў Сцяпанаўна з’яўляецца носьбітам традыцыйнага простага двухнітовага ткацтва. Гэта самае распаўсюджанае перапляценне, якое  выступае ў якасці ўніверсальнага фону для дэкору, выкананага ў іншых ткацкіх тэхніках. У такой тэхніцы  выраблялі тканіны на адзенне (палатно для кашуль, спадніц, фартухоў), ручнікі, посцілкі, ходнікі. Вырабы, выкананыя ў тэхніцы простага двухнітовага ткацтва ўжывалася многімі  вясковымі сем’ямі Ваўкавыскага раёна, але як рэгулярны занятак  і хатняе рамяство зараз   сустракаецца вельмі рэдка. Менавіта дзякуючы  Любоў Сцяпанаўне, гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёну застаўся нязменным і  ў 2012 годзе занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з  прысваеннем  катэгорыі «А».

Захоўваючы ўсе асаблівасці мясцовага ткацтва яна перадае свае веды дарослым і дзецям на базе Раённага Цэнтра рамёстваў: праводзіць майстар-класы па ткацтве «Асноўныя этапы ткацтва на кроснах», » Лакальныя асаблівасці ткацтва»,» Ад простых узораў да складаных» ,»Асновы простага двухнітоваго ткацтва» ,» Тчэм ходнікі».

За ўсё свае жыцце Любоў Сцяпанаўна атрымала шмат грамат, дыпломаў, падзячных лістоў, за  працу як  калгаснага работніка, старасты вёскі Студзянец , так і  майстара-ткачыхі: у в 2004 г. ад Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці за адраджэнне і зберажэнне рэгіянальных  абрадаў, святаў і рамёстваў;  ў 2008 г.  ад аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама за этнаграфічную калекцыю і асабісты ўклад ў развіццё народных рамёстваў.

Былі праведзены 3 персанальныя выстаўкі майстрыхі ў Раённым Цэнтры рамёстваў ( г.п. Рось), дзе Любоў Сцяпанаўна  з’яўляецца актыўным удзельнікам клуба народных умельцаў  «Лесвіца» Ваўкавыскага раёна.

У красавіку 2010 года ў г.Ваўкавыску адкрыўся раённы музей “Жанчыны – Маці”, у якім Балёнь Любоў Сцяпанаўна — адна з галоўных гераінь, як зямлячка — майстрыха. У музеі  ёсць апісанне яе біяграфіі, жыццёвага  шляху, прадстаўлены  вырабы ткацтва.

Любоў Сцяпанаўна – адна з нямногіх майстрых, якая валодае традыцыйнымі тэхналогіямі ткацтва і разумее, як важна паспець  падрыхтаваць новае пакаленне людзей, якія з дзяцінства далучаюцца да рамесніцкіх традыцый, а цягам часу  стануць сапраўднымі носьбітамі этнакультуры. У яе ёсць галоўная мэта — захаванне, адраджэнне і папулярызацыя простага двухнітовага ткацтва Ваўкавышчыны. Дзякуючы ёй  гэта старажытнае майстэрства не прыпынілася і знаходзіць працяг ужо ў трэцім пакаленні жыхароў Ваўкавышчыны.

 Удзел у выставах.

  • З 2002 года яе працы (дываны, рушнікі, ходнікі) прымаюць удзел у выставах — прадажах у «Горадзе майстроў» на свяце перадавікоў сельскай гаспадаркі, раённым свяце фальклору, да дня незалежнасці г.Ваўкавыска, раённым свяце «Дажынкі», рэспубліканскім фестывал нацыянальных культур г.Гродна.
  • У 2004 годзе прымала ўдзел у выставе «Жаночае майстэрства», «Суквецце талентаў зямліцы Ваўкавыскай»  г.п.Рось;
  • У 2005 годзе– рэспубліканскім свяце 1000-е г.Ваўкавыска, рэспубліканскім свяце лесу, «Адвечныя скарбы вясковых куфраў» г.п.Рось, «Узвядзенне Крыжа гасподне» г.Гродна;
  • У 2006 годзе — «Сустрэча з уласнай глыбінёй» г.п.Рось, на раённым свяце 500-дзе г.п. Бераставіца, 750–дзе г.Свіслач, 470-дзе г.п.Воранава, «Песня асалоды» да дня пажылых людзей г.п.Рось;
  • У 2007 гаду – свяце фальклору «Жыватворныя крыніцы Панямоння»г. Гродна,»Колер пяшчоты» да 8 сакавіка г.п.Рось, «Адвечнае кола» да дню пажылых людзей г.п.Рось;
  • У 2008 годзе —  «Традыцыйныя каштоўнасці» г.п.Рось, на свяце 880 –ддзя г.Гродна, на выставе да 1020 – годдзю хрышчэння Русі г.Гродна, на 550 –годдзе г.Скідзеля;
  • У 2009 годзе– рэспубліканскім свяце пісьменнасці г. Смаргонь, “Погляд  жанчыны” г.п.Рось;
  • У 2010 годзе — » Аненскі кірмаш» г.Зэльва, на 7-мым  рэспубліканскім экалагічным форуме г.Гродна,на рэспубліканскім свяце «Дажынкі» г.Ліда;
  • У 2011 годзе  — » Беларускі арнамент»  музей Баграціёна г.Ваўкавыск, «Гамоняць пушчы беларускія» г.Свіслач, на абласным фэсце «Жыватворныя крыніцы Панямоння»  г.Гродна;
  • У 2012 годзе — на фэсце польскай культуры і побыту «Эйсмантаўскі фэст» г.п.Эйсмонты, на рэспубліканскім свяце «Дажынкі» г.Горкі Магілёўская вобл., на міжнародным форуме » Музеі Беларусі» г.Гродна, выставе «Крыніцы Панямоння» г.Гродна;
  • У 2013 годзе — на 8 Беларускім міжнародным форуме СМІ » Партнёрства ў імя будучыні: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання» г.п.Мір, на абласным свяце «Ружанская брама» г. Ружаны, на абласным злёце перадавікоў с\х і перапрацоўчай прамысловасці г.Ашмяны.
  • З 2007 года яе работы  нязменна прадстаўлены на рэспубліканскім фэсце «Вясновы букет» г.Мінск, з 2012 года – на свяце рамеснікаў «Казюкі» г.Гродна,» Гродненскі Велікодны кірмаш».