Традыцыі хатняга ткацтва на Ваўкавышчыне перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Тэхналогія “простага двухнітовага” ткацтва дайшла і да нашых дзён. У такой тэхніцы выраблялі тканіны на адзенне, ручнікі, посцілкі, ходнікі.
Дзякуючы нашым носьбітам Балёнь Любові Сцяпанаўне (в. Студзянец) і Кулеш Ганне Іосіфаўне (г.п.Рось.) шматвяковае рамяство дайшло і да нашых дзён. Менавіта гэтыя жанчыны, працягвалі ткаць у сябе ў хаце, захоўваючы ўсе традыцыі “простага двухнітовага” ткацтва ў першапачатковым яго варыянце.
Ганна Іосіфаўна пакінула ў спадчыну снойніцу, якой дагэтуль карыстаемся пры навіўцы асновы.
Любоў Сцяпанаўна была частым госцем у нашым Цэнтры і перадавала свае веды дарослым і дзецям, праводзіла майстар – класы.
У 2014 г. атрымала званне «Народны майстар Беларусі» пажыццёва. На жаль у красавіку 2024г. яе не стала.
Іюльская Яніна Вацлаваўна прыйшла на працу ў Цэнтр раместваў у 2001 годзе, дзе і наладзіла працу гуртка па ткацтву. Адкрыццё майстэрні спрыяла новым магчымасцям — захаванню ўсіх навыкаў і традыцый мясцовога ткацтва ў дзяржаўнай установе, пераемнасці ў пакаленнях і папулярызацыі рамяства. Яніна Вацлаваўна выступіла ў ролі транслятара, а з часам – носьбітам Ваўкавыскага ткацтва. У 2015 годзе прынята ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці як майстар па ткацтву. У 2023 годзе прысвоена званне “Народны майстар Беларусі «.
Тандэм гэтых трох жанчын прывёў к таму, што “простае двухнітовае” ткацтва Ваўкавышчыны было прызнана, як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ў 2016 годзе занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з прысваеннем катэгорыі «А».
За столькі гадоў працы Яніны Вацлаваўны ў Цэнтры рамёстваў з’явіліся пераемнікі сярэдняга і малодшага пакалення.
А заўтра мы будзем здзіўляць гасцей свята “Скарбы Гродзеншчыны” сваімі вырабамі, а жадаючыя могць паспрабаваць свае уменні на кроснах.