27 чэрвеня 2024 года на базе філіяла «Ваўкавыскі Дом раместваў» адбыўся Дзень культурнай спадчыны «Ад збожжа да каравая», прысвечаны вясельным традыцыям Ваўкавышчыны. Мерапрыемства прайшло ў рамках традыцыйнага тыдня «Зберажы рамяство разам з намі», накіраванага на папулярызацыю і захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна.
У рамках мерапрыемства былі праведзены:
- Музейны занятак «Вясельныя караваі», на якім удзельнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі прыгатавання традыцыйнага вясельнага хлеба;
- Бяседа «Традыцыйныя матывы ў вясельных рушніках», дзе раскрывалася сімволіка арнаментаў і іх роля ў абрадах.
Асобная ўвага была нададзена творчай лабараторыі па пераемнасці вырабу вясельнага каравая, якую правяла Урублеўская Аксана Аляксееўна. Удзельнікі асвоілі традыцыйныя этапы выпякання каравая – ад замесу рошчыны да ўпрыгожвання птушкамі і шышкамі.
Мерапрыемства прайшло ў пазнавальнай і інтэрактыўнай форме, што спрыяла паглыбленню ведаў аб традыцыйнай культуры.







