Сёння ў Ваўкавыскім раённым Цэнтры рамёстваў прайшла незвычайная сустрэча — «Куфар памяці: гісторыя, загорнутая ў тканіну». Разам з вучнямі сярэдняй школы гп Рось імя Г.І. Шевякова мы адправіліся ў сапраўднае падарожжа ў мінулае.
Дзеці даведаліся, што куфар — гэта не проста скрыня, а сапраўдны сямейны скарб. Там захоўвалі і адзежу, і самыя каштоўныя рэчы. Разглядалі традыцыйныя строі: жаночыя, мужчынскія, дзіцячыя — з якіх тканін іх шылі, якія былі фасоны.
Дзяцей зацікавілі таксама вышытыя рушнікі, дываны і сурвэткі. Тут кожны ўзор мае сваё значэнне: абараняць, дапамагаць, дарыць шчасце.
Вялікае ўражанне выклікалі вясельныя фотакарткі — гэта не проста здымкі, а цэлая гісторыя пра галоўны сямейны абрад.
Самае цікавае — дзеці маглі крануць гісторыю рукамі: дакрануцца да ільнянай і ваўнянай тканіны, паглядзець вышыўку, уявіць сябе ў традыцыйнай адзежы.
Гэта быў цёплы і жывы ўрок, які дапамог зразумець, як жылі нашы продкі і наколькі багатая беларуская культура!







