У Ваўкавыскім Цэнтры рамёстваў сёння ўрачыста завяршыўся Тыдзень традыцыйнай культуры. Фінальны дзень быў цалкам прысвечаны ваўкавыскаму ткацтву і людзям, якія захоўваюць гэта старажытнае рамяство.
Галоўнай падзеяй стала святкаванне 60-гадовага юбілею народнага майстра Рэспублікі Беларусь па ткацтву Яніны Іюльскай. Калектыў Цэнтра разам з вучнямі шчыра павіншавалі майстрыху, падкрэсліўшы яе вялікі ўклад у развіццё народнай творчасці.
У рамках урачыстасці адбылася прэзентацыя відэафільма «Захаванне і пераемнасць ткацтва майстрамі Ваўкавышчыны», якая паказала, як традыцыі жывуць і развіваюцца дзякуючы намаганням мясцовых умельцаў. Сама ж юбілярка прадставіла ўвазе гасцей сваю персанальную выстаўку тканых вырабаў.
Акрамя таго, Яніна Вацлаваўна правяла для ўсіх прысутных майстар-клас пад назвай «Жывая нітка часоў», падзяліўшыся сакрэтамі свайго майстэрства. Завяршылася мерапрыемства ўручэннем каштоўнага падарунка ад калектыву — у знак павагі і ўдзячнасці за шматгадовую працу.








