У творчай майстэрні “Узоры” Ваўкавыскага раённага Цэнтра рамёстваў прайшла інфармацыйная гадзіна пад назвай “Код продкаў у нітках і ўзорах”. Разам з кіраўніком Ірынай Пекар удзельніцы майстэрні даведаліся, што азначаюць арнаменты, як чытаць сімвалы жыцця, шчасця і зямлі, і чаму кожны крыжык на рушніку – гэта голас мінулага.
Вышыўка – адзін з самых старажытных відаў раместваў Беларусі. Здаўна яна ўпрыгожвала і святочныя строі, і штодзённыя рэчы: абрусы, рушнікі, сурвэткі. Сёння ўменне вышываць – гэта не проста рукадзелле, а сапраўдная магчымасць стварыць унікальныя падарункі для родных і блізкіх. У майстэрні “Узоры” займаюцца дарослыя жанчыны, якія асвойваюць розныя тэхнікі вышыўкі: крыж, лічоную гладзь, вышыўку наборам, вучацца вышываць стужкамі.
Дзякуючы майстрам Цэнтра рамёстваў, традыцыі не знікаюць – яны жывуць, пераасэнсоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням яскравым напамінам: вышыўка – гэта не проста ўзор, гэта наш скарб, які працягвае свае падарожжа ў часе.






